🐦 У народных павер’ях зязюля была не проста птушкай. Яе куванне звязвалі з чалавечым лёсам, па ім спрабавалі даведацца, колькі гадоў засталося пражыць, ці чакаюць наперадзе шчасце або бяда.
Да гэтага старажытнага вобраза звярнулася і беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. У вершы «Гаданне» зязюля становіцца маўклівай сведкай трагічнага лёсу маладой дзяўчыны Насці.
🌙 Гаданне
Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Загадай, зязюля, закукуй аб шчасці,
Варажы аб долі запрапаўшай Насці:
Дзе вянок руцяны, дзе сынок ядыны,
Дзе краса падзелась з лічыка дзяўчыны?
Чаму у аковах Насці тонкі рукі?
Чаму твар скасіўся ад страшэннай мукі?
На грудзях запаўшых вузялок з зямлёю —
Ўсё, што з вёскі Насця вынесла з сабою.
У халодных мурах бела вяне цела;
Насця ўдвое гнецца, за год пасівела.
Замест вочак сініх — поўны слёз дзве раны;
Тварык без румянца, як папар з’араны…
Ну, гадай, зязюля! Закукуй аб шчасці,
Варажы аб долі нашай беднай Насці!
…Зашумела птушка, седзячы ў вярбіне:
Знаць, што шчыра хоча варажыць дзяўчыне…
1910 год.
📚 Крыніца: Алаіза Пашкевіч (Цётка). «Вершы і апавяданні». Верш таксама змешчаны ў «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» (1927).