«Рак-вусач» — вершаваная казка Якуба Коласа, упершыню надрукаваная ў 1926 годзе ў часопісе «Беларускі піянер». Тут яна падаецца паводле асобнага выдання 1938 года (Менск, Дом Друку) — са збярэжанай тагачаснай арфаграфіяй.
Казка распавядае пра старога рака-вусача, які з крыўды на цэлы свет залез у нару і надумаў паміраць, лічачы сябе найнешчаслівейшым. Уся рачная грамада — рыбы, птушкі, чарот і жыта — бярэцца разам абразуміць гаруна і паказаць яму, што жыццё не такое ўжо і горкае.
I
Ну, пачнем мы казку тую,
Жыў да быў на свеце рак
З доўгімі вусішчамі,
З чорнымі вачышчамі,
Вострымі, лупатымі,
З лапамі разгатымі,
Шырачэзны ў шыі,
Клешні — во якія!
А як вусам павядзе,
Страшна зробіцца ў вадзе.
Рыбкі хвосцікам мяльнуць,
Ды галоўкамі кіўнуць,
І барджджэй наўцекача
Ад рачышчы-вусача!
А ён шышчай трэп-трэп!
Жабка ў бераг і — ні шэп.
Страшны рак быў, грозны рак,
Як ушчэміць — будзе знак.
І баяліся яго,
Як няведама каго.
Пад карэннямі ракіты
Жыў наш рак, вусач сярдзіты.
І ёсць загадка такая:
Ні смяецца, ні гукае,
Жыве ў бухце пад ракітай,
На ім світа,
Ды не світа,
Хоць кравец, да не Мікіта:
Ідзе ў лазню камінарам,
А выходзіць камісарам.
II
Ну-ж і слаўна каля рэчкі!
І чаго на ёй няма!
Сітнякі стаяць, бы свечкі,
Тут чырвоныя парэчкі
І малін тых проста цьма.
Тут і лозы, і ракіты,
І чарот, і асака, —
Ну, як тыя аксаміты,
Вабяць вока здаляка.
А тых птушак і не злічыш:
Качкі, кнігаўкі, драчы,
І сам бусел-паплаўнічы
Вас у госці тут закліча,
Жабу ў дзюбе несучы.
Тут жыве і сам камар,
Спраў балотных камісар,
Даўганосы, даўганогі,
Голас тонкі, а сам строгі.
У траве між чаратоў
Колькі гэтых матылёў,
Бабак сініх і чырвоных!
Іх сукеначкі ў хвальбонах…
Пабажыцца тут гатоў:
Іх убор — іду ў заклад —
Закасуе ўсіх дзяўчат.
Весела на рэчцы
І траве, і кветцы,
І крылатым пташкам,
Мошкам і мурашкам,
І крыклівым дзеткам,
Асабліва леткам:
У рачулцы купаюцца,
У пясочку качаюцца.
III
Ой, бяда, бяда!
Мутненька вада —
Пахмурнела рэчка.
Ой, пакрыўдзіўся рак,
Смутны стаў небарак,
Ціхі, як авечка.
Не варушыць вусам,
Лёг на дно ён брусам
І ляжыць дзён тры.
Растапырыў клешні
І не есць яешні,
Жабінай ікры.
Не вылазіць з норкі.
— Лёс мой, — кажа, — горкі:
Цяжка быць раком!
Вось падплыў акуньчык.
— Вылезь, рак-гарунчык,
Не глядзі ваўком,
Не смуткуй так дужа,
Развяселься, дружа,
Гэта-ж не гульня!
Зойдзешся ад голаду,
Прападзеш ты змоладу
На парозе дня.
А як свеціць сонейка,
Грэе рэчцы лонейка,
Песціць сітнякі.
Грэе так гарачанька!..
Развяселься, рачанька,
І нас ты не кінь!
Ты сядзіш нахмураны,
Злосны і абураны
І не бачыш дня.
Апусціў рак вочы —
Нават і не хоча
Слухаць акуня.
Падплывае плотка.
— Рача, маё злотка!
Адпусціся, мілы!
Чым цябе ўлагодзіць?
Што табе абходзіць,
Поўніць злосцю жылы?
І нам, рыбкам, трудна,
Жыць часамі нудна,
Проста ох-ох-ох!
Гоняць нас усюды,
Ловяць нас на вуды,
Надзяць на гарох.
Ловяць невадамі,
Душаць венцярамі,
Брэднем, тапчаком.
Ох, жыццё не свята:
Горанька багата —
Лепш быць чарвяком!
Адпусціся-ж, рача,
Нават рэчка плача
Над сынком сваім…
Рак маўчыць зацята,
Вусам не закратаў…
Што рабіці з ім,
Развяселіць чым?
IV
Выдаў сом такі наказ —
Склікаць сход у той-жа час
І на сходзе абсудзіць,
Як на справу хто глядзіць,
Чым усцешыць бедака,
Засмучонага рака.
А наказ ён скончыў так:
— Будзь ты старастам, шчупак!
Каб хутчэй ва ўсе канцы
Рассылаліся ганцы!
Тут шчупак мяльнуў хвастом,
Плотак зрушыў пад кустом,
А ма руднага ліна
Выгнаў з саменькага дна.
І ўсім холаду задаў,
А нарэшце загадаў:
— Эй вы, верхаводкі, плоткі!
Паслужыце справе, цёткі!
Заклікайце рыбу ўсю
І скажыце карасю,
Няхай вылезе з грязі.
Хай плывуць сюды язі,
Яльцы, ментузы, кялбы,
І акунь, той гад рабы.
І сказаць яму пры тым
Словам старасты маім,
Каб, спаткаўшыся са мною,
Да мяне стаў галавою!
Плоткі, старасце — паклон.
І ўсе рынулі ў разгон.
V
У глыбознай бухце
Між карчаг дубовых
Адбылася рыб’я
Важная намова.
Сом адкрыў сабранне,
Выступіў з дакладам,
А язь сакратарыў,
Сеўшы з сомам радам.
— Таварышы, сябры,
Ляшчы і асятры,
Ліны і мянтузы,
Паслы ад драбязы
І іншыя асобы!
У нашай рэчцы — гора:
Смуткуе рак з заўчора.
З прычыны такой жалобы
Прышоў да праканання,
Што лепш яму сканáнне,
Чым жыць на гэтым свеце,
Бо кажа ён, дзівак:
Самы нясчасны — рак!
І згінуць хоча ў цвеце!
І толькі з той пары
Ён вылезе з нары
І смутак свой пакіне,
Калі хто давядзе,
Што ёсць яшчэ ў вадзе,
Ці проста абы дзе,
Такі, чый лёс яшчэ больш цяжкі,
Іначай рак наш згіне.
І гэты аргумент
Саб’е яго нашчэнт,
Бо ён ёсць самы важкі.
І вось цяпер, сябры,
Вы будзьце так дабры,
Найдзіце кандыдата.
І думаецца мне,
Што ў нашай старане
Пакутнікаў такіх,
Сапраўдных і цяжкіх,
Налічыцца багата!
Зашумелі рыбкі:
— Назавем без хібы —
Імі гаць гаці,
Лёгка іх знайсці.
— Таварышы, увага! —
Азваўся сакратар:
— Тут ёсць такая пляга,
Што стукне вас, як шляга,
І кіне вас у жар.
Калі хто сапраўды
Сябе няшчасным лічыць болей,
Чым наш няшчасны рак,
То ён павінен добрай воляй
Аддацца раку для яды.
Так, так!
Іначай ён не дасць і веры!
Сказаў ды зноў сеў за паперы.
Вот сказаў, дык сказануў!
Як сякерай секануў!
Прыкусілі языкі
Акунькі, мянькі, лінкі,
А маруда той, лінок,
Зараз — віль! ды пад кусток.
І добрых мінут пяць
«Пакутнікі» маўчаць.
— На свеце жыць не так ужо і горка, —
Гаворыць краснапёрка:
— Плывеш сабе туды-сюды
Без гора, без бяды;
Пад кусцік зазірнеш,
Ну, часам і ўздыхнеш,
Ды больш ужо з прывычкі,
Чым з клопату якога —
Ці так кажу, сястрычкі?
— А так! жывецца нам — нічога!
Хватае ўсім вадзічкі,
І плаваем па волі,
І жыру ёсць даволі.
А тое нараканне
І гэтая жалоба —
Пустое выдумлянне,
Ці панская хвароба.
— Гум! — прамовіў сом: —
Што-ж мы раку паднясём?
Няхай, значыць, гіне рак?
Ці ў няшчасных стаўся брак?
— Дайце слоўка мне сказаць! —
Ялец стаў хвастом віляць:
— Я скажу вам праўду ўсю:
Жыць найгорай карасю!
І ўсе грымнулі: — Так, так!
Ён — няшчаснейшы бядак!
Жыве ў такім балоце,
У такой брудоце!
Ён такі гаротны,
Ён непаваротны,
Ні адной мінуты
Без тае пакуты!
Збоку глянуць — жаль бярэ!..
Як ён з гора не памрэ!
— А дзе карась?
— Зашыўся ў гразь,
І сход яму нямілы,
Сядзіць там, апастылы! —
І кажа сом: — Заклікаць гаруна!
Шчупак, распарадзіся!
— Я ўраз, сом! Спалю, як з пяруна!
А ты, карась, дзяржыся!
VI
Прывялі карася пад канвоем,
Абступілі яго шчыльным роем.
Плотачка як глянула,
Ледзь на дно не канула:
Такі-ж ён няшчасненькі,
Кругленькі, бліщасценькі.
Лін паплыў пад лозы
Выцерці там слёзы.
Нават сом крануўся:
Хвост яго сагнуўся
І вусы задрыжалі
З гэтакага жалю.
Пытае сом лагодна,
Ну, як бацька родны.
— Ну, як жывеш, карась?
— А так сабе, не дрэнна:
Качаюся, як князь,
Прысмакі ем штодзенна.
Здзівілася тут рыб’я грамада:
Вось выпаліў, дык выпаліў, брыда!
А ялец той схаваўся ад стыда.
— Цікава, — кажа сом, — цікава!
Здзівіў ты нас, карась, яй-права!..
Ну, а скажы: ты смуцішся, ці не?
— Чаго смуціцца мне?
Не ведаю такога пачуцця —
Цярпець я не магу ні смутку, ні ныцця!
І часу не хачу на тое глупства траціць:
За глупства гэтае ніхто мне не заплаціць.
— Ты кажаш — траціць часу.
Навошта-ж траціш час?
— А вось які мой сказ:
Люблю паэзію, жыцця майго украсу,
І з ёю я не ведаю згрызот,
Паэзіяй і смутак адганяю:
Зашыюся ў чарот
І вершы там складаю!
Здзівіўся сом, вачамі ўскінуў язь
І кажа карасю:
— Паэт ты наш, карась!
Гаворыш складна ты,
Паслухаць нават люба.
Мы слухалі, разявіўшы раты,
Хоць ты адказваў досыць груба.
Але хачу цябе спытаць:
А што будзеш ты спяваць,
Як часамі кульганеш
Ды на прыпек пападзеш?
— Папаўся, брат, карась!
Паэзія тут — лясь!
— Не згодзен з вамі, грамадзяне!
Калі мой час настане,
І лягу я ў скавараду,
То й вусам я не павяду:
Карась папесціцца ў смятане!
Засмяяўся сом.
— А няхай ты згары!
Дзівакі, як відаць, песняры,
Мабыць, розум у іх слабаваты.
Адпраўляйся, карась, ты да хаты!..
Пачакай! ці не ведаеш, брат,
Хто па часці няшчасця тут хват?
— Пра пакуты чарот мне шумеў,
Але слухаць я часу не меў.
VII
Паслалі дэлегацыю
Да таго чарата,
Хоць думалі, што з гэтага
Не выйдзе ні чарта.
Была тут пара плотачак,
Акуньчык і кялбок.
Чароту пакланіліся
І кажуць:
— Галубок!
Паслалі нас, чаротанька,
Ад рыб’яй грамады
Прасіць цябе і кланяцца,
Каб вызваліў з бяды
Рака таго няшчаснага,
Што ўздумаў уміраць,
На сонейка на яснае
Не хоча пазіраць!
Мы ведаем, чаротанька,
Што ў свеце ты адзін
Дасі яму ратуначак,
Парадуеш рыбін.
Раскажаш шчыра ты яму,
Як цяжка табе жыць
І што раку няма чаго
Згрызацца і тужыць.
Дык будзь-жа ласкаў, міленькі,
Паслухай, паслужы,
І мудрасць сваю ты яму
І гора пакажы.
А справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.
— Ша-ша! шу-шу!
Упартасць я скрышу
Рачыную, шурпатую,
Нягодамі багатую,
Як долю раскажу —
Зражу!
Шу-шу!
Ссшушу!
Ша-ша!
І — ша!
VIII
Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
І не есць ні ікры,
Ні тае яешні.
Ну, чакай-жа, брат рак:
Унь ідзе чароцік!
Рыба валіць пад гак,
Расчыніўшы роцік.
Плёх стаіць на вадзе,
Няма месца нідзе.
Стаў чарот у позу
Супроць вербалозу,
На рака-бедака
Ён глядзіць звысака.
— Ша-ша! шу-шу!
Увагі, рача, я прашу…
Рача, рача! ёсць на свеце
Многа нешчаслівых,
Вылезь з норкі, рача-квеце:
Смутак твой — не дзіва!
Я — гаротнік, якіх мала,
Ты паслухай толькі:
Я на грунце нетрывалым
Распускаю голькі.
Распускаю іх вясною,
Ў часе халадэчы.
Веюць ветры нада мною,
Ломяць мае плечы.
Сам я тонкі, сам я кволы,
Хоць і, праўда, гібкі.
Як сцялюся я над долам,
Няхай скажуць рыбкі.
Я адзін, няма заслоны,
Не растуць там лозы,
А мой лісцік, мой зялёны,
Смокча тля, стракозы.
Я люблю прасторы, сонца,
Я цягнуся ўгору,
Ды ў каленях маіх донцы
Шкарлупяць не ў пору.
Я-б хацеў стаць, як калода:
Быць магутным люба
Не судзіла-ж мне прырода
Стаць мацней ад дуба.
Рача, рача! ой, кароткі
Век мой чараціны!
Як жыву я ў час паводкі —
Не відно чупрыны!
Мокну, гіну, гнуся, рача,
Пад напорам хвалі.
Хто-ж па мне ўздыхне, заплача?
Хто дасць кроплю жалю?
Прыдзе восень, пажаўцею,
Як з тае жаўтачкі.
Вось увага, дабрадзею,
Долі тэй лайдачкі!
А на лёдзе на падсцілку
Палажу я косці.
А хто прыдзе на магілку,
Што на тым пагосце?!
Рача, рача! ёсць на свеце
Многа нешчаслівых…
Вылезь з норкі, рача-квеце
Смутак твой — не дзіва!
І заплакаў тут
Наш чароцік горды.
Рак-вусач — ані шэп!
Ну, як камень цвёрды!
IX
І што зробіш ты з раком,
З тым упартым дзіваком?
Вось бяда з ім, дык бяда!
Што ты скажаш, грамада?
Справіцца з бядою
Можна грамадою.
Трэба рукі прылажыць,
Каб наш рак астаўся жыць.
І хацелі слаць паслоў,
Каб не траціць лішніх слоў,
Ды на шчасцейка якраз
Плыла качачка ў той час.
Выклікаецца яна
Абразуміць гаруна.
— Дзякую табе, качанька!
Патурбуйся, мілая!
Памірае рачанька,
Клешня ён двухвілая!
Галава упартая,
Нікуды нявартая!
Разважалі яго мы —
Ён ні слова,
Як нямы!
Разважала плотанька,
Акунёк, чаротанька…
Папрабуй ты, цётанька!
Справа то грамадская,
Почасць будзе хвацкая:
Як справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.
X
Рак сядзіць у норы,
Высунуўшы клешні,
І не есць ні ікры,
Ні тае яешні!
Сцеражыся-ж ты, рак:
Унь ідзе, брат, качка!
Рыба валіць пад гак,
Там цяпер гарачка.
Плёх усцяж на вадзе,
Няма месца нідзе.
І залапатала
Крыллямі тут качка,
Ды вось як сказала
Гаруну бядачка:
— Што забраў ты ў галаву,
Рак ты неразумны?
Ці наліў ты волава
Сабе ў сэрца, чумны?
Рыбка непакоіцца
З гэтакага суму,
Сэрца яе кроіцца,
Бо што ты задумаў?
І падумаць — цацка я,
Цаца — сум рачыны!..
Ты жыццё грамадскае
Выбіў з каляіны!
Ой, занадта многа ты
Носішся з сабою!
Справа варта рогату
Ў параўнанні з мною.
Я хоць і жанатая,
А жыву ўдавою.
Ды каго то кратае?
Ой, жыццё праклятае
Не дае развою!
Ранняю вясенькаю,
Як сяляне ў поле
Выедуць з сявенькаю,
Я адна-адненькая
Швуруся па доле.
І шукаю купінку,
Зацішной і дзікай,
Аглядаю рупненька
З боязню вялікай
Кожную мясціначку,
Кожненькую лядку,
Дзе-б мелі спачыначак
Дзеткі-качаняткі.
Без мужнінай помачы
Я будую хатку,
Галованьку ломячы
І дзюбок-лапатку.
А мой качар шэранькі:
Знаць мяне не знае
Б’е, скубе мне перанькі,
Я-ж цярплю — адна я!
А дзетачак выведу,
Клічу іх на воду.
Ды сустрэнеш злыбяду,
Гора-перашкоду.
На жыццё качынае
Робяцца замахі.
Як трасуся, гіну я!
Томяць сэрца страхі…
Ой, да няма ліку ім,
Горкім тым падзеям!
Ды не робім крыку мы,
Скардзіцца не ўмеем.
Дык уваж ты клопаты,
Рыбіны заходы.
Гэта расшалопай ты,
Кінь згрызоты-зводы!
Слухала тут рыбка,
Шархла яе скура,
А той рак ні рухнуў
І маўчыць панура.
XI
Ах, бадай-жа ён скіс,
Гэты рак вусаты!
Проста плягаю звіс
Сум яго зацяты!
Нарабіў грамадзе
Клопату па вушы.
Вухам, гад, не вядзе,
Хоць-бы клешняй рушыў.
І няўжо-ж, грамада,
Не дасі ты рады?
Проста смех і бяда,
З гэтакае звады!
І пашла на задор
Тая паталоча.
Кінеш, рак, сваю хвор,
Грамада так хоча.
Моц яе нямала,
Дай ёй разгарэцца!
Пагалоска пайшла
Аб раку па рэчцы.
Слухаў бусел, маўчаў,
Думаў, а нарэшце
Чаплі штось прабурчаў,
Нібы зяць да цешчы.
Чапля крыллем лоп-лоп!
І ляціць да рыбы.
Мусіць бусел на троп
Тут навёў без хібы.
І ў разгар тых прамоў
Чапля прэ да сома —
Без чаргі прымі, моў:
Дэлегат птушкома!
Даюць чаплі слова.
Вось яе прамова:
— Рэчка — наша агульная справа,
І пайшла аб ёй нядобрая слава,
Што рыба, птушкі і травы
Не могуць справіцца з ракам,
З упартым нейкім дзівакам, —
Выпадак пэўна-ж нецікавы!
Папробуем заклікаць жыта,
Прывяду яго сама і — квіта.
Калі ён і яго не паслухае,
Тады палкі занюхае.
Рыбка, збіўшыся пад мосцікам,
Папляскала чаплі хвосцікам.
— Дзякую табе, чапленька!
Патурбуйся, родная!
Памірае рачанька,
Галава нягодная!
Справа то грамадская,
Почасць будзе хвацкая:
Як справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.
XII
Рак панура сядзіць
І на свет не глядзіць.
Сцеражыся-ж ты, рак:
Унь ідзе, брат, жыта!
Рыба валіць пад гак,
Сом храпе сярдзіта.
Плёх усцяж на вадзе,
Няма месца нідзе.
Калі ржаное,
Спелае, буйное
Стала над водою
І сказала: — Рача!
Скрыўджан ты няйнача
Нейкаю бядою.
Але ты паслухай, дружа!
Ой, на свеце ходзіць сцюжа!
Ой, халодзіць яна дужа!
Ветрам дыша, снегам сцеле,
Чуць душа трывае ў целе.
Надыходзіць старасць-восень,
З воч знікае неба просінь,
Віснуць ніці з хмарак-кросен.
Ой, выносяць мяне ў поле,
Рассыпаюць ды па ролі
Ды людскія тыя жменькі
З саламянай тэй сявенькі
У халодны дол пусценькі.
Усё чыста з поля знята —
Там адны мае зярнята.
А той вецер дзікім свістам
Дзьме на полі, полі чыстым.
Усцілае жоўтым лістам
Мае шоўкі, мае руні
Ды халодных хмар насуне.
Золкасць, зыркасць і плюхота,
Журба, смутак і тускнота,
Безлюдзь, жудзь і адзінота.
Скубуць мае руні-шоўкі
І авечкі і кароўкі.
Бо няма ім больш спажывы,
Бо раслінкі ўсе няжывы,
Бо сабраны травы, нівы.
А там сівер чмыхне злосна!
Ой, як страшна стане, млосна!
Ткуць марозы кужаль белы,
Засцілаюць ім свет цэлы,
Убіраюць дол змярцвелы.
Мае шоўкі, мае руні
Скрыжыць злы мароз-дзядуня.
Пад абрусам тым кужэльным,
Пад тым холадам пякельным
Я ляжу, сплю сном смяртэльным.
Ды надыйдзе зноў вясенька,
Маладзічка весяленька.
Шумным спевам пройдуць воды,
Паскідаюць з рэчак лёды,
Зноў павее дух малоды.
Мае шоўкі, мае руні
Аднавіць вясна-красуня.
Як зязюлька-ж крыкне ў гаю,
Я на сонцы заіграю,
Я пучочкі выганяю.
Вецер бегам несупынным
Гоніць хвалі срэбрам плынным,
Шоўкам сцеле на загоны,
А я толькі б’ю паклоны
Ва ўсе чысценька староны —
Ветру, сонцу і зямельцы,
На мяжы траве-кудзельцы.
Ой, падыдзе-ж тое лета —
Жоўтым шоўкам я адзета,
І тут песня мая спета!
Ідуць жнейкі-маладзічкі
І дзяўчаткі-чараўнічкі.
Нясуць жнейкі серп крывенькі,
Зрэжуць колас мой буйненькі
Пад звон песень галасненькі:
Пара зямлю адмыкаці,
Пара росу выпускаці.
Як мост, злягу я на просце.
Вязуць з поля, ды не ў госці,
Паб’юць цэпам мае косці,
Мае зерняткі пасушаць,
Каменнямі іх падушаць.
Ой, мае-ж вы, шоўкі-руні!
Ой, пабілі-ж мяне ў клуні!
Пакрышылі, памалолі,
Не далі мне жыць на волі!
А ў той дзежцы дубовай,
З жоўтай клёпачкай альховай,
Расчыняюць хлябок новы,
Расчыняюць на вадзіцы
З мае беленькай мучыцы.
Мяне ў дзежцы месяць-месяць,
Перавернуць разоў дзесяць
Ды настольнічкам завесяць.
А печ паляць дачырвона,
Гляджу ў страсе я, здзіўлёна.
Ой, да чым я вінавата?
Шугне ў печ мяне лапата,
Дзе агнём усё пранята.
Я ў агні тым абамлею,
Пажаўцею, учарнею.
І вось толькі як вадзіцай,
Тэй халодненькай жывіцай,
Мяне ўмые маладзіца,
Тады толькі свет пабачу…
Каму-ж горай з нас, мой рача?
І сказаў тут рак-вусач:
— Грамада! ты мне прабач!
Мая журба ўпрах пабіта —
Зваявала мяне жыта,
І ад гэтае пары
Прападай, мой сум стары.
Прападзі наша бяда!
Няхай жыве грамада!
Рыбка з радасці такой
Пайшла ў скокі талакой,
А за ёю пташкі,
Наварыўшы кашкі
З спеленькіх пурышак
І з малінак-пышак;
А за птаствам — мошкі,
Падабраўшы крошкі,
За мошкамі — дрэвы,
Распачаўшы спевы,
За дрэвамі травы
Ладзяць баль цікавы.
І прышлі музыкі
Чарадой вялікай.
Граў на скрыпачцы камар,
На дудачцы чмель-дудар,
Хрушч узяў басэтлю,
Задае там пытлю.
Шэршань барабаніць,
Камарыка ганіць:
— Пайшоў вон! пайшоў вон!
Ты не гэты бярэш тон!
Муха на цымбалах
Струны калыхала,
Авадзень на леры
Выцінаў без меры,
А чырвоны конік
Жарыць у гармонік.
Сеў свярчок
На сучок
Ды тне на клярнеце,
А жучок-
Чарнячок
Пачаў песні пеці.
І так хораша спяваў,
Што зусім прычараваў
Тую бабку-шэльму,
Што прыгожа вельмі.
Выскачыў журавель,
Як Піліп з канапель,
Напалохаў жабу,
Лупатую бабу.
Пайшлі ў скокі сотні пар,
А за імі і камар
Бусла спрытна падхапіў,
Буслу ногу зачапіў,
На мазоль наступіў.
Драчык песняў скончыў баль
І дашчэнту знішчыў жаль.
Тут дайшлі мы да канца,
Дайце-ж чарачку вінца!
А не,
Дык папляскайце хоць мне!
Крыніца: Якуб Колас. «Рак-вусач». — Менск: Дом друку (Друкарня імя Сталіна), 1938. Тэкст падаецца паводле гэтага выдання са збярэжанай тагачаснай арфаграфіяй.