Чырвонае возера — легенда пра князя і Сару.
🌲 На Палессі, сярод лясоў і балот Жыткавіцкага краю, раскінулася вялікае Чырвонае возера. Здаўна вядома яно і пад іншай назвай: Князь-возера. Шмат чаго бачылі яго воды на сваім вяку, ды не ўсё захавалася ў людской памяці. Ад былых падзей засталіся толькі паданні, якія пераходзілі ад старых да малых.
🏰 Чаму ж возера называлі Князевым? Адны расказвалі пра княжацкі замак, што некалі стаяў сярод вады, другія згадвалі крывавыя бітвы даўніх часоў. Але было яшчэ адно паданне, сумнае і шчымлівае, пра каханне, якому не суджана было знайсці шчасця.
👑 Кажуць, даўным-даўно жыў у гэтых мясцінах багаты князь. Меў ён вялікія ўладанні, шмат дачок і аднаго-адзінага сына, якому збіраўся перадаць усё сваё багацце. Ды не ведаў стары князь, што сыну ягонаму лёс прыгатаваў зусім іншую долю.
💔 Так пачынаецца народная легенда пра маладога князя і прыгажуню Сару, чыё каханне, паводле падання, навекі засталося ў памяці палескага возера.
🌅 Чырвонае возера
Невядомы айчынны аўтар
Возера наша Чырвоным завуць за тое, што многа рыбы ў ім і рыба ўсё больш чырванапёрая. А бацька расказваў — яшчэ за яго памяццю было гэта, — вялікі бой быў за возера між асілкамі, і нават кроў людзі пралівалі. Цераз тую кроў пралітую яно і Чырвоным завецца. А гавораць яшчэ і так.
За царыцаю Кацярынаю, а можа, і яшчэ раней жыў у гэтых лясах князь. Усе лясы, рэкі і сенажаці яму аднаму належалі. За вялікія заслугі яму царыца ўсё тое падарыла. Быў князь роду знакамітага, характару цвёрдага, паўжыцця правёў ён у войску ды на граніцах чэсць царскую бараніў. Вось выйшаў час яго службы, і атрымаў ён гэты край ва ўладанне. Прыехаў князь, палац пабудаваў і жыве.
Жыве сабе князь у высокім цераме. Але, на тую бяду, дзяцей у яго шмат, ды ўсё дочкі, а сын адзін-адзінюткі і апошні ў родзе, як на руцэ мезенец. А любіў жа князь яго!.. Вядома, багацце меў незлічонае, і пакінуць усё тое дзеўкам без працягу свайго князёўскага кораня было для яго вялікай крыўдаю. І таму княжычу маладому з малых год — усякае патуранне і пешчанне. А старэйшых дачок трымаў бацька ў строгасці і паслушэнстве. Прызначыў ім вялікі пасаг кожнай, як тое князёўскім дочкам належала, і ўсё. Больш ні на якую ласку яны не маглі спадзявацца, таму што ўся бацькоўская любоў і ўвесь князёўскі маёнтак быў маладому княжычу. Пачаў ён падрастаць і зраўняўся ў краснага малойца. Як дубок, роўны, крэпкі, шчокі ружовыя, валасы русыя, вочы блакітныя. Нораву быў ціхага, паслухмянага і задуменнага. Сяброў-аднагодкаў у яго не было, таму што з мужыкамі знацца яму бацька не дазваляў. Больш любіў ён у сясцёр у святліцы сядзець ды іх песні дзявочыя слухаць.
Як надышла пара яго жаніць, — клапаціўся вельмі стары князь, каб працягваўся род, — надарыўся тут нечаканы выпадак. Ужо колькі год, як узяў у старога князя ў арэнду карчму — шынок па-нашаму — адзін польскі яўрэй. А стаяла карчма на скрыжаванні трох найгалоўнейшых дарог. Для карчмы тое месца было самае выгоднае, бо ростані тыя выходзілі проста да прыстані, а прыстань — на Прыпяці-рацэ. Па рацэ ў той час караблёў ішло безліч. Адкрыўся на рацэ канал Каралеўскі, па ім з Польшчы ды з іншых краін усякія тавары да Дняпра і далей ішлі. А люд па тых дарогах ездзіў гандлярскі, усё купец ды прыказчык, хоць і рознай нацыі — што паляк, што рускі, што немец, — а ўсё купец. Скора па ўсіх шляхах пайшла слава пра тую карчму, а яшчэ большая слава — пра дачку карчмара Сару. Расказвала бабка, што бачыла яна ў маладыя гады яе партрэт, выбіты на хустцы, дык прыгажэй на свеце дзеўкі не было.
🎨 Маляваў гэты партрэт заезны тальянец. Як угледзеў ён шынкарачку Сару, дык воч адвесці не мог, фарбы слязой мачыў, партрэт маляваў, а ёй усё пра любоў сваю гаварыў. У сваю Італію замуж за сябе зманьваў. Але не такая была шынкарская дачка, каб на ўгаворы паддацца. Сядзіць за прылаўкам, вокам не міргне. Хто ў шынок зойдзе, піць закажа — падасць з лёгкім паклонам і больш — ні-ні.
Хадзіў, хадзіў той тальянец, уздыхаў-уздыхаў, пакуль у адну ноч не павесіўся на высокай хвоі. Яшчэ большая слава пра тую карчму ды пра шынкарачку Сару пайшла. І здарыўся тут выпадак маладому княжычу па гэтых шляхах пуць-дарогу мець. Заехаў у тую карчму, за ганаровы стол сеў, вакол яго слугі, сакалкі. Тут і напаткала бяда шынкарскую дочку. Як зірнула на маладога князя, так і вачэй не адвядзе… Той жа сядзеў задумаўшыся.
— Мядку паспытаем, ваша князёўская міласць? — кажа адзін сакалок.
Князь галавой задуменна кіўнуў, а шынкарачка ўжо з паклонам чарку сярэбраную падае. Пакланілася да зямлі, паднос трымае, а як галаву сваю падняла і чорныя косы з плеч страсянула, проста князю ў вочы глянула, дый той і самлеў. Глядзіць, вачэй ад шынкаркі адвесці не можа. Чарку сярэбраную не бярэ.
— Кепска просіш, дзяўчына! — смяюцца сакалкі. Тады і крыкні галоўны з іх:
— Наш князь-маладзец ад дзяўчыны чарачку сухую не бярэ! Трэба прыгубіць і князю губкі прысаладзіць.
— Праўда? — ціха пытае шынкарачка.
— Праўда, — адказвае князь.
🍷 Тут яна чарачку прыгубіла і маладога князя ў губы пацалавала. Чарку сярэбраную з падноса зняла і, як ён яе выпіў, шась за прылавак — і ў пакоі пабегла.
Сядзіць князь з сакалкамі, п’е, вясёлы нібы зрабіўся, а вочы задуменныя. Шынкарка ў той дзень так больш і не выйшла.
Словам, пачаў з той пары малады князь часцяком па тых дарогах ездзіць то на паляванне, то з палявання, то на рачныя караваны глядзець ды ўсё карчомку не мінае. Сакалкі сцямілі, што князю шынкарская дачка палюбілася, і яшчэ больш яму пра яе гавораць, зманіць яе на ночку прапануюць у суседні маёнтачак.
Так яно і выйшла. А як яе зманілі, тут шынкарская дачка князю і кажа:
— Жаніся са мною, тады кахаць, мілаваць буду. — Ды з тым назад на князёўскім рыдванчыку ўкаціла.
Як дачуўся пра тое стары шынкар, аж за валасы ўхапіўся.
— Сарка, — крычыць, — што сабе ў галаву ўзяла? Князь цябе каханнем адорвае, а ты што? Замуж! І мяне, і сябе пагубіць хочаш? Не ведаеш, што такое князь?
— Ведаю, — адказвае Сара, прыгажуня-яўрэйка. — Ведаю, што князь, што ён мяне кахае, душы не чуе, а калі кахае, значыць, і замуж возьме.
— Выкінь з галавы гэта. Дзе ты бачыла, каб светлы князь з беднай яўрэйкай ажаніўся?
— Калі кахае, дык ажэніцца, — адказвае ўпартая дачка.
Стаіць яна на сваім. Даведаўся пра тую няроўную любоў стары князь. Страшэнна загневаўся і, ні слова не кажучы сыну, загадаў сваім слугам старога карчмара схапіць і звязанага да сябе прывезці.
Карчмар у ногі князю паваліўся і са слязьмі моліць дараваць яго неразумнай дачцэ. Затым просіць рукі яму развязаць і вымае з кішэні хустку, на якой партрэт харашуні Сары тальянцам намаляваны.
— Ваша князёўская міласць, вось яна, мая дачка, карайце, мілуйце, але ўсяму віна — прыгажосць яе.
І расказаў князю выпадак той з тальянцам-мастаком, які на хвоі павесіўся. Задумаўся тут стары князь, сына кліча і пытае:
— Скажы, сын дарагі, надзея мая, што ты думаеш?
— Кахаю, — на карчмара паказвае, — яго дачку Сару і жаніцца прашу вашага блаславення.
Раззлаваўся князь:
— Не будзе табе майго блаславення.
Князеньку з воч прагнаў, а карчмара загадаў у падзямелле кінуць.
🏝️ Але малады князь тут таксама свой нораў паказаў. Быў у яго невялікі маёнтачак, ад нябожчыцы маці ў спадчыну дастаўся, ды золата-серабра каваны куфэрак. Завёў князь знаёмства з розным вушлым народам і пачаў яшчэ часцей са сваёй мілай сустракацца. А каб ніхто пра тое не ведаў, пабудаваў патаемна ад бацькі, пасярод вялікага — адным лясным людзям вядомага — возера каменны церамок і ў тым церамку пасяліў сваю мілую.
❄️ Хутка ён і сам на гэты астравок перабраўся, балазе зіма стаяла і па возеры напрасцяк санную дарогу праклалі. Сара ў хрысціянскую веру перайшла, і павінна было быць ім вянчанне па ўсяму закону. А зіма ў той год трымалася марозная, снежная. Возера льдом скавала ды снегам занесла. А як глянула вясна з туманамі, ды адразу вятры з Дняпра падзьмулі, і сонца прыпякло, крануўся ўраз усюды лёд. І на возеры ваду падняло, і пайшлі па ім гуляць тоўстыя крыгі. Вось тут церамок і разнесла. Князя ў той час там не было, ён яшчэ па саннай дарожцы пакаціў да галоўнага папа дамаўляцца, каб адразу па ўсяму закону з хрышчонай яўрэйкай шлюб узяць.
Дамовіўся з папамі і едзе вясёлы па веснавой бездаражы. Пад’язджае да возера, а па ім толькі хвалі ды крыгі гуляюць. Даведаўся ён ад рыбакоў, што ніхто з таго вострава і церамка жывы не выплыў. Пастаяў, пастаяў малады князь, пасля ўзышоў на высокі бераг, што векавымі соснамі зарос, ды з разбегу ў возера і ўхнуў. Не паспелі людзі да берага дабегчы, а ўжо яму крыгі галаву русую накрылі…
Дайшла пра тое вестка да старога князя. Карчмару ён загадаў камень на шыю прывязаць, у возеры ўтапіць, а сам пасумаваў, пасумаваў ды неўзабаве і памёр.
🕯️ І завецца з той пары гэта Чырвонае возера яшчэ Князь-возерам…
📚 Крыніца: «Бяздоннае багацце: легенды, паданні, сказы» / [складальнік А. І. Гурскі]. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990.